КАНСТЫТУЦЫЙНА-КАТАЛІ́ЦКАЯ ПА́РТЫЯ ЛІТВЫ́ І БЕЛАРУ́СІ.

Створана ў канцы 1905 — пач. 1906 віленскім каталіцкім біскупам Э.Ю.Ропам. Арганізац. з’езд адбыўся ў лют. 1906, прысутнічала каля 1000 яе прыхільнікаў — прадстаўнікоў каталіцкага духавенства, землеўладальнікаў, інтэлігенцыі, рабочых і сялян. Спалучала лібералізм кадэцкага кірунку ў адносінах да паліт. жыцця, кансерватызм у падыходах да сац.-эканам. праблем Беларусі і Літвы і ідэалы хрысціянскай дэмакратыі. Супрацоўнічала з польскай нац.дэмакр. партыяй. Выдавала газ. «Nowiny Wileńskie» («Віленскія навіны», студз. — люты 1906), «Towarzysz pracy» («Сябра працы», люты — сак. 1906), «Przyjaciel ludu» («Сябра народу», са студз. 1906). Патрабавала абл. самакіравання для Беларусі і Літвы, аўтаноміі з заканадаўчым сеймам для Польшчы. Адстойвала памешчыцкае землеўладанне, выказвалася за садзеянне сялянам у набыцці зямлі. Дзейнічала пераважна ў Віленскай і некат. паветах Гродзенскай губ., дзе большасць насельніцтва складалі католікі. Актыўна ўдзельнічала ў выбарчай кампаніі ў 1-ю і 2-ю дзярж. думы. Распалася ўвосень 1907.

М.В.Біч.

т. 7, с. 596

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)